ГРО́ДЗЕНСКІЯ ФІЛАСО́ФСКІЯ РУ́КАПІСЫ,

трактаты (курсы лекцый) на філас. і прыродазнаўчыя тэмы, напісаныя ў канцы 17 — пач. 19 ст. ў Гродне на лац. мове выкладчыкамі філасофіі — членамі манаскіх ордэнаў (пераважна бернардзінскага); некат. належаць дамініканцам, езуітам, кармелітам. Сярод аўтараў А.Бандзевіч, М.Дамашэвіч, Л.Дулевіч, Б.Мажэйка, Ю.Мышкоўскі, Ф.Пшыленскі, Б.Станкевіч, І.Сцірпейка. Вядома каля 50 трактатаў аб’ектыўна-ідэаліст. кірунку. У 1-й пал. 18 ст. асн. частку курса філасофіі складала логіка і метафізіка Арыстоцеля. У рукапісах 2-й пал. 18 ст. адчувальны ўплыў еўрап. Асветніцтва, ідэй новай філасофіі і прыродазнаўства. У пач. 19 ст. натурфіласофскія праблемы выкладаліся як спец. раздзелы фізікі. Рукапісы захоўваюцца ў Вільнюскага універсітэта бібліятэцы.

Э.К.Дарашэвіч.

т. 5, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)